21 лютага ў ДУА «Лукская сярэдняя школа Кобрынскага раёна» адбылася святочная акцыя «Чытаем, спяваем, размаўляем па-беларуску», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.

Акрамя таго, што ў кожным класе ў пачатку трэцяга ўрока прайшоў інфармацыйны блок, у ходзе якога вучні ўзгадалі гісторыю абвяшчэння ў свеце Міжнароднага дня роднай мовы, у дзіцячых калектывах прайшлі класныя і інфармацыйныя гадзіны з нагоды гэтага свята.

Традыцыйна ў гэты дзень прайшла Вялікая беларуская дыктоўка, у якой прынялі ўдзел не толькі вучні і настаўнікі, але падтрымалі іх і бацькі, і аднавяскоўцы, далучыўшыся з мэтай праверыць свой узровень валодання роднай мовы.

На працягу дня вучні і настаўнікі прымалі ўдзел у разнастайных конкурсах. Так, сярод вучняў 3-7 класаў праходзіў конкурс на лепшую інсцэніроўку эпізодаў з твораў беларускіх пісьменнікаў, а вучні 8-11 класаў спаборнічалі ў стварэнні лепшага буктрэйлера да любімага твора на беларускай мове. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі дыпломы.

Без сумнення, праведзеная акцыя нагадала дзецям аб тым, што у гэтым шматгранным, шматнацыянальным, такім розным свеце мы не павінны забываць аб нашай роднай мове, аб мове, з якой звязана ўсё наша жыццё.

У гэты дзень мы задумваемся не толькі аб самой мове, але і аб нашай радзіме, культуры, нацыянальнасці. А значыць, абавязаны шанаваць і берагчы тое, што маем. А Міжнародны дзень роднай мовы – цудоўны напамін нам пра гэта!