21 лютага ў нашай школе, як і ва ўсім раёне, прайшла акцыя “Чытаем, спяваем і размаўляем па-беларуску”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
У ходзе гэтай акцыі быў праведзены конкурс на лепшую інсцэніроўку байкі К. Крапівы сярод 5-11 класаў. Лепшыя інсцэніроўкі атрымаліся ў 11 класа (байка “Пошукі ісціны), 8 класа (байка “Дзед ды баба”) і 9 класа (байка “Дыпламаваны баран”).
Акрамя гэтага, у школе традыцыйна прайшла Вялікая беларуская дыктоўка, якая дазволіла яе ўдзельнікам не толькі праверыць сябе на арфаграфічную і пунктуацыйную пільнасць, але чарговы раз палюбавацца мілагучнасцю беларускай мовы, паганарыцца яе самабытнасцю і непаўторнасцю. У дыктоўцы прынялі ўдзел 32 чалавекі.
У гэты ж дзень вучні малодшых класаў былі запрошаны на літаратурную гадзіну “ Родная мова, цудоўная мова…” ў сельскую бібліятэку, дзе яны здзейснілі падарожжа па розных краінах, пазнаёміліся з іх мовамі, надоўга спыніліся на Беларусі, даведаліся шмат пра побыт продкаў. У канцы сустрэчы бібліятэкар пазнаёміў прысутных з бібліятэчнымі кнігамі-навінкамі, заахвоціў да чытання.
Настаўнік беларускай мовы
і літаратуры В. П. Вайцюк